ІО́СІФ II (Joseph; 13.3.1741, Вена — 20.2.1790),

імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» з 1765 (у 1765—80 суправіцель Марыі Тэрэзіі, сваёй маці). Прадстаўнік т.зв. асветнага абсалютызму. Праводзіў палітыку пратэкцыянізму, заахвочвання мануфактур, адмяніў прыгон, увёў адзіны пазямельны падатак, абмежаваў самастойнасць каталіцкай царквы ў аўстр. землях, часткова секулярызаваў царк. землеўладанне, садзейнічаў развіццю свецкай школы. У 1781 выдаў т.зв. талерантны патэнт аб свабодзе веравызнання. Праводзіў актыўную знешнюю палітыку, але ў выніку шэрагу паражэнняў (у т. л. ў вайне з Турцыяй 1788—91) скасаваў некат. свае рэформы. Ініцыятар удзелу Аўстрыі ў 1-м падзеле Рэчы Паспалітай (1772).

т. 7, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)